дугападобная сістэма (з прагінам на Пд) напорных краявых ледавіковых град на ПнЗ Беларусі; фізіка-геагр. раен Бел.-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Назва дадзена ў 1930-я г. польскімі географамі ад г. Свянцяны (цяпер Швенчоніс, Літва). Працягнуліся ад воз. Дзіснай (Літва) на тэр. Беларусі, дзе накіраваны ў паўд.-ўсх. і паўн.-ўсх. напрамках у паўд.-зах.ч. Віцебскай і паўн.-зах.ч. Мінскай абласцей. Мяжуюць з Полацкай нізінай на Пн, Ушацка-Лепельскім узв. на У, Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі на ПдУ і Пд. Выш. да 228 м у межах Беларусі (288, каля г. Швенчоніс, Літва), працягласць з 3 на У 120—130 км, з Пн на Пд 35—45 км. Пл. 2,7 тыс.км². С.г. прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў дэвонскага, мелавога, палеагенавага ўзросту. Антрапагенавыя ўтварэнні (магутнасць больш за 100 м) дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Рэльеф буйнаўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. У фарміраванні паверхні вял. ролю адыграў актыўны ледавік (марэны напору, гляцыядыслакацыі, адорвені, ледавіковыя лагчыны), а таксама пасіўны («мёртвы»), які ўплываў на ўтварэнне камаў, озаў, тэрмакарставых і падпрудных азёрных катлавін. Адносныя перавышэнні рэльефу да 50—60 м. У паніжэннях і лагчынах паміж марэннымі градамі шмат невялікіх, глыбокіх азёр, размешчаных групамі (Лучайская, Мядзельская, Доўгаўская, Глыбоцкая) і злучаны пратокамі і малымі рэчкамі.
Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман. На паўн. схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута; на паўд. — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, торф, сапрапель. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя; месцамі эрадзіраваныя, у паніжэннях глеістыя, часам карбанатныя. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі, займаюць каля 25% тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі. Пад ворывам больш за 40% тэрыторыі, характэрна драбнаконтурнасць с.-г. угоддзяў (пл. 3—4 га). Асаблівасці рэльефу садзейнічаюць праяўленню плоскаснага змыву глеб. У межах С.г. частка нац. парку Нарачанскі; заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічныя Доўгае і Белае, біял.Некасецкі, Рудакова, Пасынкі.
В.П.Якушка.
Свянцянскія грады ў Мядзельскім раёне Мінскай вобл.